Так непераадольна вабіць неба!
Туды б, ды вольнай птушкай, паляцець!
Спяшаюся, імкнуся, каб паспець –
Але трымае надта моцна глеба…
Вось падае мне раптам нехта крылы,
Заваражыўшы безданню вачэй:
“Ты падарунак мой вазьмі хутчэй –
Я пакажу табе нябёсаў дзівы!”
Кідае крылы тыя мне на плечы,
На вуха шэпча горача мне ён:
“Ляці вышэй! Там рай твой, там твой дом!
Ляці смялей! Не бойся, чалавеча!”
Узмах. Яшчэ… І я імчу ў паветры,
У захапленні хуткасцю дрыжу,
На сонца, не міргаючы, гляджу,
Блакіту лёгка рассякаю нетры…
І да свяціла смела падлятаю.
“Пасунься, жаўталобае!” – крычу.
І… слепну! І ў агні наніз лячу!
Пад чыйсці рогат крылы я губляю.